Добра быць Марынай!

06 Mar 2019
by Администратор Главный
Дырыжор Марына Траццякова справіла сваё 50-годдзе не адной урачыстай вечарынай, а цэлым шэрагам крэатыўных праектаў. І дапамаглі ёй у гэтым тыя калектывы, дзе яна працуе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр і Музычная капэла “Санорус”.
Хаця народзіны дырыжора прыпадаюць на 21 лютага, юбілейны марафон стартаваў 23-га. Быццам у пацверджанне, што дырыжор — абаронца аркестра. Такая дата была абраная невыпадкова: у гэты дзень нарадзілася яшчэ адна прадстаўніца пераважна мужчынскай прафесіі — рэжысёр Ганна Маторная. Але галоўны падарунак, зразумела, атрымалі гледачы.

Назва інтрыгавала: “Траццякоўская галерэя прадстаўляе калекцыю ідэй, сюрпрызаў, хітоў, імёнаў…” Усё спраўдзілася! Пры складанні праграмы выбіраць было з чаго: агулам Траццякова падрыхтавала і правяла больш за сотню канцэртаў і спектакляў, супрацоўнічала больш як з дзясяткам аркестраў. На сцэну, упрыгожаную кандэлябрамі ды развешанымі-расстаўленымі карціннымі рамамі (маўляў, гэта ж мастацкая галерэя!), раз-пораз выносілі дадатковыя аправы, каб стварыць “жывыя партрэты” дырыжора і яе атачэння.

У першым аддзяленні юбілярка і сапраўды дырыжыравала. Прычым творы былі розных жанраў і стыляў — ад акадэмічнай плыні да кінамузыкі, а саліравалі выключна інструменталісты, у тым ліку піяніст Ілля Пятроў, запрошаныя з іншых калектываў трубач Максім Шкулепа, трамбаніст Генадзь Грачухін. Уразіла “Лібертанга” П’яцолы, вырашанае як жарсны паядынак паміж віяланчэллю (Аляксей Афанасьеў) і скрыпкай (Ала Жыган). Сюіта Свірыдава “Час, наперад!”, адкуль усе ведаюць хіба некалькі тактаў, якія ў савецкія часы былі застаўкай да тэленавінаў, прагучала цалкам. Знаходжанне аркестра на сцэне не перашкодзіла паказу двух разгорнутых фрагментаў з балета Алега Хадоскі “Тытанік”: танцоўшчыкі не “патанулі” сярод аркестрантаў.

Яшчэ больш неспадзяванак узнікла пасля антракту. Марына спявала і танчыла, быццам даказваючы, што кіраўнік павінен умець усё. Месца ж за пультам займалі часцей іншыя: Мікалай Калядка, у якога яна вучылася ў Акадэміі музыкі, Аляксандр Сасноўскі, які прапанаваў ёй здаваць дзяржіспыт у гэтым тэатры і запрасіў у штат, Аляксандр Высоцкі з яго мюзіклавым віншаваннем ад кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі БДАМ, дзе Траццякова таксама выкладае, калегі па тэатры Юрый Галяс і Аляксандр Макарэвіч, які, дарэчы, раптам таксама заспяваў — ды яшчэ як! Атрымаўся сапраўдны “парад дырыжораў”.

І калі шырокая публіка з задавальненнем сачыла за зменамі сцэнічных строяў і шыкоўнымі ўбраннямі юбіляркі, дык знаўцам цікава было назіраць, як змянялася гучанне аркестра пры выхадзе кожнага новага “кіроўцы”: часам узнікала ўражанне, што разам з дырыжорам цалкам змянялі і музыкантаў. Дый сярод вакалістаў былі зоркі не толькі роднага калектыву (чаго каштаваў адзін выезд “галоўнага Папандопала” Аляксандра Асіпца на педальным аўто!), але і Вялікага ды Горкаўскага тэатраў. Чым не конкурс спевакоў?

Да гэтага канцэрта не ўсе нават ведалі, што Марына Траццякова і адзін з вядучых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, заслужаны артыст Беларусі Сяргей Чэкерэс — сямейная пара. А тут ён выйшаў, распавёў, як яны пазнаёміліся яшчэ ў час сумеснай працы ў Херсонскім музычна-драматычным тэатры, праспяваў песеньку з аднаго тамтэйшага спектакля, потым з другога, ужо дуэтам з жонкай-дырыжорам. Калі б раптам такой гісторыі не было, яе варта было б прыдумаць!

Сапраўднымі перлінамі бліскалі выступленні знакамітых оперных салістаў Ніны Шарубінай і Станіслава Трыфанава з дырыжорам Мікалаем Калядкам. Памятаю, як у 1990-я сумесны канцэрт артыстаў розных тэатраў пераканаў, што оперныя спевакі — усё ж цяжкая артылерыя, не заўжды прыдатная для лёгкай музыкі і аперэтачна-мюзіклавага рэпертуару. Але за гэты час сітуацыя рэзка змянілася! Оперныя мэтры на сцэне рухаюцца і жартуюць, скараючы артыстызмам без аніякага штучнага “камікавання” і аперэтачнай заштампаванасці.

Але самае цікавае, бадай, тое, што амаль усе музычныя нумары другой часткі канцэрта ўтрымлівалі ў арыгінале імя Марыны, Марыяны, Марыі, Марусі, Мары, Мэры — і тым самым станавіліся прысвячэннем юбілярцы.

27 лютага свята працягнуў тэатралізаваны гала-канцэрт “Казкі венскага лесу”. Праграма, падрыхтаваная тым жа рэжысёрам Ганнай Маторнай напярэдадні 2018 года, ні на каліва не страціла сваёй актуальнасці. І не толькі з-за чароўнай музыкі Іагана Штраўса, а яшчэ і дзякуючы артыстызму выканаўцаў на чале з Марынай Траццяковай, якая штораз успрымаецца “бенефіцыянткай”. Наступны паказ “Казак венскага лесу” — 27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра.

А ўчора, у першы дзень вясны, юбілярка ганарліва заявіла назвай свайго канцэрта-спектакля з капэлай “Санорус”: “Я — беларуска” (рэжысёр — Іван Давыдзенка). Гледачы занурыліся ў атмасферу старадаўніх беларускіх вячорак, пачулі народныя песні, убачылі ўдзельнікаў Дзіцячага тэатра моды “Красавік” Нацыянальнай школы прыгажосці. Добра быць крэатыўным! І працаваць на стыку розных мастацтваў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"