Кабінет для прынца (газета Культура)

11 Jan 2017
by Администратор Главный

Кабінет для прынца

Газета «Культура»

Маленькі прынц з казкі Антуана дэ Сент-Экзюперы з’явіцца 19 мая ў Клубе імя Дзяржынскага, на сцэне якога адбудзецца прэм’ера оперы-прытчы Андрэя Мдзівані “Маленькі прынц”. Прычым ажыццяўляе пастаноўку музычная капэла “Санорус”.

Мінчан паспелі апярэдзіць жыхары Смалявічаў і Капыля: там ужо адбыліся чатыры паказы новага спектакля — праўда, у скарочаным варыянце для дзіцячай аўдыторыі. Сталічную ж публіку чакае прэм’ера поўнай версіі, не столькі казачнай, колькі прытчавай, засяроджанай на раскрыцці глыбіннага філасофскага сэнсу ўсім вядомай гісторыі аб прыгодах хлопчыка, закаханага ў Ружу. Таму не дзіва, што філасофскімі разважаннямі была прасякнута нават прэс-канферэнцыя, прысвечаная прэм’еры.

— Пра Маленькага прынца, — разважаў дырэктар, мастацкі кіраўнік музычнай капэлы “Санорус” Аляксей Шут,— марыць кожны. Пра чалавека, можа, крыху наіўнага, але чыстага, з шырока раскрытымі вачыма, які не ўмее хлусіць, “лавіраваць”, які “ў адказе” за ўсіх і ўсё на планеце.

Ідэя нарадзілася яшчэ ў 2004 годзе, калі А.Шут прапанаваў напісаць “штосьці для дзяцей” вядомаму кампазітару Андрэю Мдзівані, з якім яго звязвае плённае супрацоўніцтва (дастаткова сказаць, што “Санорус” быў першым выканаўцам Сёмай сімфоніі А.Мдзівані “Паўночныя кветкі”, прысвечанай А.Шуту). Выбар прыпаў на “Маленькага прынца”. Але чым далей ішла праца, тым больш стваральнікі паглыбляліся ў філасофскае сутонне гэтага твора. Ды і аўтарам лібрэта выступіў чалавек сталы і надзвычай сур’ёзны — доктар педагагічных навук, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вадзім Яканюк. Вершы для яго заўсёды былі цудоўным дапаўненнем да фартэпіяннай і навуковай практыкі. Калісьці ён нават быў удзельнікам літаратурнага аб’яднання “Прыпяцкія хвалі” ў Мазыры, сёння ж вядомы як стваральнік уласнага жанру чатырохрадкоўяў — “не гарыкі”. Дый вопыт па стварэнні лібрэта быў у яго не малы. Праўда, спярша было балетнае да “Слёз Тубі”, прызначанае для Генрыха Вагнера, але тая пастаноўка не была завершана.

Потым — лібрэта мюзікла “Міс Мэнд” Андрэя Мдзівані, з якім ён быў знаёмы яшчэ са студэнцкай лавы. Таму няма чаго здзіўляцца, што аналагічная праца над “Маленькім прынцам” была завершана надзіва хутка — усяго за тры дні. “Дапамагла” яшчэ… хвароба, з-за якой давялося легчы ў шпіталь.

— Левая рука не працавала, — горка ўсміхнуўся Вадзім Лявонцьевіч, — думаў, што да фартэпіяна ўжо не змагу вярнуцца. Вось і пачаў хутчэй набываць “новую прафесію”.

Фінал аказаўся шчаслівым: і опера з’явілася, і з фартэпіяна развітвацца не давялося. Можа, таму і ў “Маленькім прынцы”, у адрозненне ад арыгінала, аўтары адмовіліся ад трагічнага зыходу? Затое месцам дзеяння абралі так званы… “чорны кабінет” — даволі распаўсюджаны сучасны прыём сцэнаграфіі, калі замест дэкарацый ды іншага знешняга “дэкору”, што адцягвае ўвагу, відовішча разгортваецца проста на чорным фоне. Але гэта не значыць, што мастаку-пастаноўшчыку Андрэю Меранкову не давялося нічога рабіць! Як, дарэчы, і рэжысёру Ягору Лёгкіну, і балетмайстру Вользе Скварцовай, добра вядомай у тэатральных колах. Было вырашана выкарыстаць традыцыі старажытнагрэчаскага і брэхтаўскага тэатраў. А нумарная структура з увядзеннем ролі Апавядальніка заклікана падкрэсліць яркую мелодыку.

Надзея БУНЦЭВІЧ