Наблiжэнне да Ахматавай

01 Nov 2016
by Администратор Главный

НАБЛІЖЭННЕ ДА АХМАТАВАЙ

ТАЦЦЯНА МІХАЙЛАВА

“Споведзь кахання”.

Музыка Уладзіміра Саўчыка.

Вершы Ганны Ахматавай.

Рэжысёр Ягор Лёгкін.

Хормайстар Ігар Рыбчынскі.

Музычны кіраўнік пастаноўкі Аляксей Шут.

Музычная капэла “Санорус”.

Інтэўсіўнасці мастацкага развіцця “Саноруса”, якое непарыўна звязана з айчыннай музыкай, могуць пазайдросціць нават некаторыя акадэмічныя калектывы. Напрыканцы мінулага сезона была паказана прэм’ера оперы Андрэя Мдывані “Маленькі прынц”, восенню 2008-га сцэнічнае жыцце атрымаў “Стойкі алавяны салдацік” Марыны Марозавай. І вось яшчэ адна прэм’ера. Зноў беларускі кампазітар, зноў спектакль ствараецца ў садружнасці яго і калектыву. Пагадзіцеся, эксклюзіў – не самы просты шлях!

Але менавіта маштаб творчасці вялікай рускай паэтэсы, свежасць тэмы прывабілі гледачоў у залу Палаца прафсаюзаў, дзе абылася прэм’ера. Спектакль прайшоў з аншлагам, а сярод публікі можна было прыкмеціць шмат вядомых дзеячаў айчыннага мастацтва. Ахматава ў музыцы? А чаму б і не! Хоць кожны кампазітараў скажа, што на тэксты і Ахматавай, і Цвятаевай пісаць складана. Дасягнуць гармоніі, арганічнасці ў адносінах між словамі і музыкай надзвычай цяжка. Вершы Ахматавай уяўна простыя, за першым слоем і сэнсам ёсць другі, трэці, чацвёрты... І ўсё-такі маштабная, класічная паэзія вабіць і захапляе. Гэтаксама, як маштаб і трагедыйнасць лёсу паэтэсы.

Чаму – “Споведзь кахання”? Тэма кахання – асноўная ў Ахматавай. Сучаснікі пісалі, што ў яе паэзіі ўвасоблены “тысяча і адно адценне любоўнага пачуцця”. У 1916-м Восіп Мандэльштам сцвярджаў: “Яе паэзія набліжаецца да таго, каб стаць адным са знакаў велічы Расіі”. На пачатку 1920-х крытыка заяўляла, што “пасля смерці Блока Ахматавай бясспрэчна належыць першае месца сярод рускіх паэтаў”.

Ганна Андрэеўна пражыла доўгі век. Шмат усяго было ў ім – з таго, што называюць “бурным жыццём сэрца”. І многа гора. Гора, якое не змагло знішчыць паэтычнага таленту.

Ініцыятарам пастаноўкі “Споведзі” выступіў мастацкі кіраўнік “Саноруса” Аляксей Шут. Праца над спектаклем доўжылася некалькі гадоў. Усё пачалося з захаплення кампазітара паэзіяй Ахматавай. Музыка – сольныя і харавыя нумары – нарадзілася пад уздзеяннем яе глыбокіх і праніклівых вершаў. Гэтыя нумары нават выконваліся паасобку ў канцэртах “Саноруса”. Але потым паўстала больш складаная задача: з’яднаць эпізоды ў адным палатне, якое б наблізіла да сучаснікаў асобу і эпоху.

У “Споведзі” дзве дзеі, яны ахопліваюць асноўныя падзеі ў жыцці паэтэсы: ад пачатку творчага шляху да смерці. Першыя адлюстроўвае час дзяцінства і сталення, дарэвалюцыйны перыяд “сярэбранага веку”. Тут герояў трое – Ахматава, яе муж – паэт Мікалай Гумілеў і італьянскі мастак Амадэа Мадыльяні, з якім паэтэсу звязвалі моцныя пачуцці. “Любоўны трохкутнік”, нараджэнне магутнага таленту, вехі душэўнай біяграфіі... У другой дзеі канфлікт засяроджваецца на супрацьстаянні асобы і сістэмы, мастака і ўлады. Каханне, Жыцце, Смерць, Неўміручасць – вось кола тэм, што закранае “Споведзь”.

Колькі слоў пра музычную аснову, партытуру Уладзіміра Саўчыка. У свой час “Мастацтва” рэцэнзавала два яго музычныя спектаклі для дзяцей – “Дзюймовачку” і “Чырвоны Каптурык”. Там перад аўтарам стаялі больш простыя задачы, непараўнальныя з тымі, што паўсталі падсчас працы над “Споведзю”.