Стойкiя салдацiкi ў музыцы i ў рэальнасцi (журнал Мастацтва)

11 Jan 2017
by Администратор Главный

СТОЙКІЯ САЛДАЦІКІ Ў МУЗЫЦЫ І Ў РЭАЛЬНАСЦІ

Журнал “Мастацтва” №10 2008

“Стойкі алавяны салдацік”.

Музычны спектакль для дзяцей паводле Ханса Крысціяна Андэрсэна.

Кампазітар Марына Марозава.

Дырыжор Марына Траццякова.

Музычны кіраўнік пастаноўкі Аляксей Шут.

Музычная капэла “Санорус”

Вялікі дацкі пісьменнік існаваў у сваім часе. Але, як высветлілася потым, Андэрсэн натуральна ўпісваецца ў розныя часы. Ён – казачнік, патрэбны ўсім. Гарэзна-пяшчотная, іранічная, мудрая і разам з тым пранікнёная інтанацыя ягонай прозы аказваецца блізкай малым і старым, дзецям і дарослым. На драматычнай, музычнай, лялечнай сцэнах увасоблены (і неаднойчы), пэўна, усе яго найбольш знакамітыя казкі – “Крэсіва”, “Русалачка”, “Снежная каралева”, “Салавей”, “Брыдкае качаня”... Музычная феерыя Сяргея Баневіча “Стойкі алавяны салдацік” з 1989-га ідзе ў Беларускім музычным тэатры. І вось яшчэ адно прачытанне славутага сюжэта.

Найперш – пра аснову новага праекта “Саноруса”: партытуру Марыны Марозавай. Некалі Марынай былі напісаны дзве балетныя сюіты. Сёлета яна сур’ёзна перапрацавала партытуру, бо сімфанічную аркестроўку трэбы было перастварыць для камернага складу інструментаў.

Музыка “Салдаціка” меладычная і прыгожая. Кранальная, лёгкая для ўспрымання менавіта гэтай аўдыторыяй – дашкалят і малодшых школьнікаў. Яна разнастайная па інтанацыях, тэмпах і жанрах (бравурны “Марш алавяных салдацікаў”, лірычна-пранікнёнае “Adagio”, імклівы “Танец чорта”), вынаходлівыя ў прыёмах аркесроўкі. У рэшце рэшт, пажаночы шчырая і цёплая. Вельма важна, што ў музыцы “Салдаціка” ёсць жывая душа, на гучанне якой адклікаецца юны слухач. Кожны інструмент аркестра мае тут сваё аблічча. Кампазітар шчаслівая, што яе запаветная мара – пачуць і ўбачыць партытуру ўвасобленай на сцэне – нарэшце ажыццявілася.

Але ўспрымаць сімфанічную, па сутнасці, музыку дзецям 6-7 гадоў дастаткова складана і праблематычна, бо слыхавога досведу ў іх амаль няма. Перад калектывам і ініцыятарам пастаноўкі “Салдаціка” Аляксеем Шутом паўстала пытанне: як данесці да аўдыторыі зробленае аркестрам? І тут на дапамогу прыйшоў Казачнік (чытальнік Мікалай Казінін), які з’яўляецца перад дзецьмі ў абліччы самога Андэрсэна – у фраку, белых пальчатках... Скажу шчыра, не чакала, што поўная зала Дома культуры горада Дзяржынска, дзе адбывалася прэм’ера (менавіта гэты горад – радзіма кампазітара), будзе так непасрэдна адгукацца на словы Казачніка, падтрымліваць дыялог з ім і перажываць за герояў.

А яшчэ сцэнічнаму ўвасабленню партытуры дапамог... тэатр ценяў. Сілуэты Салдаціка і Танцоўшчыцы, а таксама злога Чорціка з табакеркі, сілуэты палаца, ля якога знаёмяцца галоўныя героі, імклівыя змены і пералівы колераў сапраўды зачароўвалі дзятву. Так музыка набывала зрокавае, выяўленчае аблічча...

Новы праект “Саноруса”, магчыма, не прэтэндуе на феерычнасць. Але ён прывабны дэмакратычнасцю і дастатковай мабільнасцю, бо можа быць увасоблены на самых розных сцэнах. Для ажыццяўлення праекта калектыў выдаткаваў сур’ёзныя фінансавыя сродкі – дарэчы, самастойна заробленыя ім падчас музыяных імпрэз, што ладзіліся і ладзяцца ў школах, дамах і палацах культуры.

Пасля прэм’еры найперш думалася пра тое, што і беларускаму кампазітару, які піша сімфанічныя творы, і калектыву кшталту “Саноруса”, які шмат гадоў нястомна прапагандуе беларускую музыку, трэба сапраўды мець якасці стойкага алавянага салдаціка. Умець не скардзіцца, умець цярпець нягоды. Быць мэтанакіраваным і не разлічваць на хуткі поспех, на імгненнае прызнанне.

“Санорус” мае ў сваім рэпертуары шмат музычных казак. “Пеця і воўк” Пракоф’ева, “Шчаўкунок” Чайкоўскага, “Маленькі прынц” Мдывані – толькі некаторыя з іх. З аднаго боку, для юнай аўдыторыі такія сустрэчы с музыкай – нібыта забава. З другога –

подступы да больш сур’ёзных спектакляў. Так калектыў паслядоўна выхоўвае сваю аўдыторыю. У той час, калі колькасць гадзін, адведзеных на прадметы мастацкія (спевы, маляванне), у школьных праграмах няўхільна скарачаецца, “Санорус” з ціхай годнасцю, без пафасных дэкларацый вядзе асветніцкую працу. Няхай не заўжды прыкметную, часта няўдзячную, але – высакародную. Дзе ў невялікіх раённых цэнтрах, гарадскіх пасёлках дзеці і падлеткі могуць пачуць прыгожую, высакародную жывую музыку? Не поп-, не рок-, а камерны аркестр, які прэзентуе музычную казку?

З усяго сказанага вынікае вельмі простая выснова, якая, на жаль, пакуль не знаходзіць водгуку ў кабінетах чыноўнікаў ад культуры. Калектыву даўно патрэбны ўласны будынак з памяшканнямі для рэпетыцый (магчыма, і не адным), а таксама для велізарнай нотнай бібліятэкі, для захоўвання касцюмаў і рэквізіту. А самае галоўнае – з уласнай сцэнай і глядзельнай залай. Яна не павінна быць гіганцкай – дастаткова 150-200 месцаў. Бо фактычна музычны тэатр для дзяцей у краіне ужо даўно існуе. Яму не хапае толькі ўласнага ўтульнага дома...

ТАЦЦЯНА ФЁДАРАВА