Капэла адкрые фестываль "Званы Сафіі"

07 Июл 2017
автор Администратор Главный

4 ноября 2016 года, Минск - "БЕЛТА".

"Капэла "Санорус" - даўні сябар полацкіх фестываляў. Але ад сённяшняй сустрэчы мы чакаем адкрыццяў, і для гэтага некалькі прычын. Калектыў упершыню прыязджае да нас з новым мастацкім кіраўніком - з 2013 года гэта Аляксандр Хумала. Да таго ж "Санорус" прадставіць на фестывалі незвычайную, але вельмі вядомую кантату амерыканскага кампазітара М.Лаурыдсена "Lux Aeterna" ("Вечнае Святло"). Капэла яшчэ не выконвала гэты светлы рэквіем нідзе акрамя Мінска", - адзначыла Алена Мартынава. У 1999 годзе названае сачыненне прынесла кампазітару сусветную вядомасць і прэмію "Грэмі". Акрамя таго, у канцэрце адкрыцця "Санорус" падорыць палачанам духоўную музыку, створаную ў перыяд з XII стагоддзя да нашых дзён.

"Канцэрт урачыстага адкрыцця - традыцыйна адно з самых яркіх мерапрыемстваў фестывалю. На сённяшнім выступленні чакаецца аншлаг", - канстатавала загадчыца канцэртнага аддзела. Яна нагадала, што ў праграме полацкага свята музыкі яшчэ некалькі прыкметных канцэртаў. У тым ліку выступленні віртуознага арганіста з Германіі Маціяса Якаба, вядомай палачанкі Ксеніі Пагарэлай і таленавітага польскага музыканта Гедыміна Грубы. Яго канцэрт 27 лістапада завершыць XXI Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі".

Мерапрыемствы XXI Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі "Званы Сафii" праходзяць у Полацку з 23 кастрычніка, усяго запланавана 7 канцэртаў, у якіх удзельнічаюць музыканты з Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі і Японіі.

Першы фестываль "Званы Сафіі" адкрыўся ў Полацку 15 лістапада 1996 года.