Администратор Главный
Новая планета Маленькага прынца
“Настаўніцкая газета” от 01.11.08
Андрэй Мдывані – прадстаўнік сталага пакалення беларускіх кампазітараў, с імем якого звязаны яркія старонкі фарміравання і развіцця сучаснай беларускай кампазітарскай школы.
У мінулым годзе ён адзначыў сваё семідзесяцігоддзе, да якога была прымеркавана прэм’ера харэаграфічная музыкі “Шагрэнь”, па матывах рамана А. Дэ Бальзака “Шагрэнная шкура”.
Сёлета ў музычна-тэатральным жыцці сталіцы адбылася яшчэ адна незвычайная імпрэза з гэтай нагоды. На сцэне Клуба імя Дзяржынскага музычная капэла “Санорус” пад кіраўніцтвам Аляксея Шута прадставіла оперу-прытчу для дзяцей і дарослых Андрэя Мдывані “Маленькі прынц”.
У шматжарнравай творчасці Андрэя Мдывані сфера дзіцячай музыкі дакладна не вызначана. Кампазітар больш вядомы ўвасабленнем значных філасофскіх ідэй канцэптуальнай праблематыкі, цікавасцю да нацыянальных гістарычных тэм і вобразаў, якія патрабуюць адпаведнага інтэлектуальна-паглыбленага камунікатыўнага альянсу. Такімі з’яўляюцца яго сімфанічныя паэмы “Фрэскі”, “Пахаванне Хатыні”, “Дыялект”, араторыя “Вольнасць” (па матывах кнігі А. Радзішчава “Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву”) і вакальны цыкл “Споведзь”, канцэрт-паэма “Памяці В. Помазава” для баяна і аркестра, сімфоніі “Памяць Зямлі” для аркестра народных інструментаў імя І. Жыновіча і “Полацкія пісьмёны” для хору, сапрана і аркестра, балет “Страсці” і інш. Між іншым, на пачатку 1970-х, адразу ж пасля заканчэння кансерваторыі, Андрэй Мдывані напісаў некалькі дзіцячых п’ес для фартэпьяна “Вясёлыя гульні”, “Старадаўні матыў”, “Жарты”, а ў 1980 годзе быў створаны фартэпіянны цыкл “Прынашэнне дзецям”, які складаецца з вельмі цікавых п’ес-вобразаў: “Роздум”, “Балет”, “Казка, “Жарт”, “Мары”, “Гульні”, “Маскі”, “Элегія” і “Фінал”. Праз два гады з’явілася п’еса “Піянерскі цягнік” для віяланчэлі і фартэпіяна, напісаныя па просьбе пляменніка Дзімы Вараб’ёва. Хлопчык вучыўся іграць на віяланчэлі і папрасіў напісаць для яго які-небудзь твор. “Мне ўзгадаліся ўласныя дзіцячыя гады. Дзіцячая жалезная дарога ў Тбілісі, цягнік, на якім мы, дзеці, любілі катацца. Гэта была захапляльная гульня. Але ўсё было натуральнае. Тыя незабыўныя ўражанні мне і захацелася перадаць ў музыцы”, – успамінае Андрэй Мдывані. Пасля кампазітар больш не звяртаўся да дзіцячых вобразай. І вось праз доўгі час неўзабаве захапіўся сюжэтам вядомага твора Антуана дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц”, які натхніў яго на стварэнне опернага твора.
Спачатку опера прызначалася дзецям. Але першыя выкананні “Маленькага прынца” ў скарочаным варыянце, што адбыліся перад дзіцячй аўдыторыяй ў Капылі і Смалявічах, прыцягнулі ўвагу і дарослых слухачоў. І тады нарадзіўся другі варыянт – опера-прытча для дзецяй і дарослых у адпаведнасціз літаратурнай першакрыніцай, казкай-прытчай. Такім чынам, кампазітар доўгі час удасканальваў музыку, якую напісаў яшчэ ў 2004 годзе. “Шліфавалася” і лібрэта оперы, аўтарам якога выступіў Вадзім Яканюк. Вершаваны тэкст оперы выклікае цікавасць сам па сабе. Ён вельмі даступны, зразумелы, але часам змяшчае мяккую іронію і нават сатырычны падтэкст. Дарэчы, працаваць у творчым тандэме кампазітар А. Мдыван і лібрэціст В. Яканюк пачалі з мюзікла “МесМенд” (1987), а яго плён дэманструюць сёння харэаграфічная музыка “Шагрэнь” і “Маленькі прынц”. “Лібрэта ў вершах Вадзіма Яканюка мяне захапіла. Але хацелася дасягнуць пэўнай незалежнасці ад паэтычнай рыфмы і ў той жа час адпаведнасці характару паэтычнага вобраза”, – прызнаўся Андрэй Мдывані.
У выніку атрымаўся вельмі арыгінальны музычна-тэатральны твор, які вызначаецца шматлікімі кампазітарскімі знаходкамі і дэманструе высокае майстэрства аўтара, які дасягае арганічнага сінтэзу музыкі і слова. Гэта незвычайныя і адразу ж запамінальныя харавыя эпізоды “Баабабы”, “Астролаг”, “Добры дзень” (хор кветак), таксама шматлікія сольныя выказванні Маленькага прынца (выканаўца Таццяна Пятрова), шэраг выразных музычных партрэтаў-вобразаў планет. Вельмі тонка па эмацыянальнай нюансіроўцы кампазітарам распрацаваны дыялагічныя сцэны падчас сустрэчы Маленькага прынца з Лётчыкам (выканаўца Анатоль Тарасаў), у аповедзе пра Ружу (выканаўца Алена Панасюк) і інш. Разуменне спецыфікі жанру ідэальна паўплывала на стварэнне кампазітарам моцных і яркіх фіналаў першага і другога дзеянняў. Дарэчы, абодва з’яўляюцца ўвасабленнем вобраза палёту, які сімвалізуе рамантыку вандраванняў і мары аб цудоўным невядомым далйкім, і звязанных з ім адчуванняў і прадчуванняў Маленькага прынца, які зразумеў і штосьці большае (“Ну, вот и все, лечу, мне нужно”, - апошнія словы Маленькага прынца).
Негледзячы на знешне нумарную кампазіцыю оперы, якую ўтвараюць традыцыйныя для жанру арыі, арыёза, дуэты, ансамблі і хары, агульная драматургічная канструкцыя твора ўзбуйняецца ўласна сімфанічнымі прынцыпамі аб’яднання нумароў у вялікія сцэны-блокі. Гэта робіць оперу кампактнай, цэласная і дазваляе аўтарам і слухачам канцэнтраваць увагу на галоўнай ідэі твора, якую выкрывае шлях Маленькага прынца ад дзіцячай эгаістычнасці і непасрэднасці жыццяўспрымання да спасціжэння галоўных маральна-этычных нормаў чалавечых паводзін. Гэта шлях самапазнання чалавека, яго духоўны рост, яго сталенне, пераход з дзяцінства ў дарослае жыццё. На гэтым шляху вызначальнымі робяцца сустрэчы с Ружай, маленькімі планетамі Караля (Леанід Дубавы), Ліхтаршчыка і Географа (Канстанцін Батурын), Славалюба (Эміль Багдасаран) і інш. З вялікай Зямлёй і яе жыхарамі Лісам, Змяёй (Наталля Рыкунова), нарэшце, знаёмства з дарослым чалавекам – лётчыкам. Менавіта гэтыя сустрэчы-знаёмствы дапамагаюць Маленькаму прынцу навучыцца кахаць не только самога сябе, але і іншых, тых, хто мае патрэбу ў яго асабістым каханні.
Зразумець глыбокі філасофскі змест оперы Андрэя Мдывані дапамагае, канечне, сама музыка, якая вызначаецца яркасцю і дакладнай акрэсленасцю вобразных характарыстык, інтанацыйнай выразнасцю і запамінальнасцю мелодый. І хаця ў выканальніцкім плане некаторыя вакальныя партыі могуць падацца даволі складанымі, салісты і хор капэлы не пакідаюць такога ўражання. Наогул, кампазітар лічыць выканаўцаў і кіраўніка капэлы, дырыжора Аляксея Шута сааўтарамі свайго твора. Гэта калектыў, які мае вельмі вялікія магчымасці. У свой час Андрэй Мдывані даверыў яму першае выкананне сваёй Сёмай сімфоніі “Паўночныя кветкі” для аркестра і хору на словы Бальмонта, Авідыя, Жукоўскага, народныя і кананічныя тэксты (1994). Менавіта Аляксей Шут падштурхнуў кампазітара да стварэння оперы і надзвычай сур’ёзна ставіўся да яе сцэнічнага ўвасаблення.
Вельмі дарэчы аказалася ўвядзенне ў оперу фігуры Каментатара, які тлумачыць дзеянне, часам накіроўвае ўспрыманне слухача альбо робіць неабходныя абагульненні. Такое незвычайнае рэжысёрскае рашэнне, якое прапанаваў Ягор Лёгкін, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, было прынята кампазітарам, хаця ён лічыць, што дарослая аўдыторыя ўсё зразумела б і без каментарыяў. Між іншым, пастаноўка цікавая не только гэтым. На сцэне акрамя салістаў капэлы, выканаўцаў асноўных партый, да канца дзеяння знаходзяцца аркестр і хор. Гэта не менш дзейсныя музычныя вобразы оперы, якія хоць і не вызначаюцца сцэнічнай рухавасцю, але выконваюць сваю драматургічную функцыю. Выканаўцы вядучых партый оперы касцюміраваныя, у той час як сцэнаграфія даволі сціплая (сцэнічныя атрыбуты: кветкі, шарыкі, парасоны і інш.). Вельмі паказальным з’яўляецца і светлавое афармленне, якое дапамагае гледачу засяродзіць увагу на тым ці іншым вобразе-персанажы і надае дзеянню дынамізм. Дарэчы, усё гэта (маецца на ўвазе абраная форма сцэнічнай рэалізацыі оперы) – вынік характэрнай тэндэнцыі ўзаемаўплыву музычнага (опернага) і драматычнага тэатраў, а таксама кінадраматургіі.
Магчыма, іншая сцэнічная пляцоўка прадвызначала б і іншае пастановачнае рашэнне. Партытура оперы прадастаўляе вялікія магчымасці для варыятыўнасці пастановачнай інтэрпрытаціі, што, напрыклад, дэманструе прэм’ерны спектакль (паслядоўнасць музычных нумароў адрозніваецца ад абранай рэжысёрам іх паслядоўнасці ў сцэнічным шэрагу). Адной з вызначальных форм увасаблення некаторых вобразаў твора магла б стаць танцавальна-пластычная, што ўжо пэўным чынам пазначана ў пастаноўцы Ігара Лёгкіна. Але такая мабільнасць, між іншым, не дае падстаў і нават не дазваляе абмінуць ці падмяніць галоўную ідэю твора і выразна акрэсленую аўтарскую пазіцыю кампазітара Андрэя Мдывані, ідэалам для якога з’яўляецца ўзвышана-духоўная сутнасць музыкі і кампазітарскі творчы дар, ідэя духоўнай сублімацыі і прыгажосці як этычнага прынцыпу творчасці. Менавіта гэта з’яўляецца ўнутраным стрыжнем кампазітарскай дзейнасці А. Мдывані і пабуджальным матывам для стварэння арыгінальных музычных твораў, сярод якіх і опера-прытча для дзяцей і дарослых “Маленькі прынц”. Гэты твор – магчымасць для аўтара звярнуцца да вялікай шматузроставай аўдыторыі сучаснікаў, каб не толькі нагадаць пра галоўныя духоўныя каштоўнасці, але ў чарговы раз прымусіць задумацца над глыбокім сэнсам чалавечага жыцця. 21 лістапада ў сталічным Палацы прафсаюзаў адбудзецца чарговае выкананне оперы, якую музычная капэла “Санорус” плануе паказаць і ў іншых гарадах Беларусі.
Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН