Администратор Главный
30 июня 2017 года, Часопic "Мастацтва" № 6 (411) /Таццяна Мушынская - рэдактар аддзела/
Да пэўнага калектыву ставішся з асаблівай цеплынёй, калі з ім звязана шмат яркіх мастацкіх уражанняў. Невыпадкова пра гэты ансамбль «Мастацтва» пісала неаднойчы. Як і пра яго стваральніка і нязменнага — на працягу двух дзесяцігоддзяў — кіраўніка, дырыжора Аляксея Шута. Капэла, якая яднае аркестр, хор і салістаў, прайшла не надта просты шлях, шмат было на ім складанасцей і перашкод. Тым не менш «Санорус» пастаянна здзіўляў — нязменнай цікавасцю да айчыннай музыкі і твораў нацыянальных кампазітараў: тут яны заўсёды былі любімымі аўтарамі, сюды з задавальненнем неслі свае партытуры. Яшчэ адна адметнасць калектыву — інтарэс да маштабных сачыненняў кампазітараў-класікаў. За час свайго існавання аркестр і хор аб’ездзілі многія краіны Еўропы, прадставілі на суд слухачоў больш за 700 твораў.
Пяць гадоў таму, калі пайшоў з жыцця Аляксей Шут, на пасаду кіраўніка быў абвешчаны конкурс. Яго выйграў малады, але вельмі перспектыўны дырыжор Аляксандр Хумала. Агульная мастацкая скіраванасць «Саноруса» не змянілася, а капэла атрымала новы імпульс для мастацкага развіцця. Пра што і сведчыла згаданая вечарына.
Паколькі юбілей — свята (з наступствамі ў выглядзе прамоў, букетаў і віншаванняў), многія калектывы рыхтуюць праграму, складзеную з папулярнай, а то і «заезджанай» музычнай папсы і фрагментаў даўно засвоеных сачыненняў. Артыстам прыемна, дырыжору менш клопатаў (1-2 рэпетыцыі), публіка з радасцю паслухае вядомае, але прызабытае. Аднак у такім выпадку і «Санорус», і Аляксандр Хумала не былі б сабой. Юбілейны праект капэлы ўразіў. Былі выкананы ўсяго тры творы, але надзіва маштабныя. Зразумела, яны патрабавалі дбайнай, дэталёвай працы і мноства рэпетыцый.
У першым аддзяленні прагучалі «Тры танцы» Генрыка Мікалая Гурэцкага, сучаснага польскага кампазітара. Ён адна з асоб, якая моцна ўплывае на развіццё еўрапейскай музыкі. Найбольш вядомае яго сачыненне — Трэцяя сімфонія для сапрана і аркестра — прынесла аўтару сусветную вядомасць. «Тры танцы» розныя. Энергічны і надзвычай экспрэсіўны першы, што стварае вобраз сучаснага мегаполіса. У другім лірычна-кранальны пачатак яднаецца з настроем журбы і тайнай пакуты. Сатырычныя фарбы, дамінантныя ў трэцім, змяняюцца экстатычнымі рытмамі фіналу. Зазначу: опусы Гурэцкага неверагодна кінематаграфічныя, маюць моцны выяўленчы пачатак. Але прыдатныя і для пластычнага ўвасаблення.
Пра твор Вольгі Падгайскай «Вецер ахутаў лес» для аркестра, хору, аргана і фартэпіяна (сусветная прэм’ера, напісаная да юбілею калектыву і прысвечаная яму) можна сказаць шмат узнёслых слоў. Праз гукавую партытуру паўстае жыццё прыроды, заўважанае назіральным вокам і чулай душой. Адчуваеш плёскат ручаіны, што блішчыць між дрэў. Узмахі птушыных крылаў. Хвойныя дрэвы падчас буры. Лес ранішні і на захадзе, сонечны і таямнічы. Лес, які спявае як арган (ці гэта арган спявае як лес?). Гукі раяля ўвасабляюць вецер. Разнастайны твор успрымаецца як гімн — і прыродзе, і жыццю. А яго аўтарка і выканаўцы — як стваральнікі новай, самай сучаснай айчыннай музыкі.
І нарэшце пра сачыненне, што заняло другую частку вечарыны. Антымілітарысцкая «Меса міру» англічаніна Карла Джэнкінса прынесла яму сусветнае прызнанне. Першае выкананне «Месы» ў Беларусі «Санорус» прысвяціў памяці Аляксея Шута. Мінская прэм’ера пераканала: гэта неверагоднае сачыненне! Яно ўражвае нават арыгінальнасцю задумы. Тым, што часткі месы гучаць на французскай, арабскай, англійскай і лацінскай мовах. А галоўная тэма опуса — мелодыя канцоны эпохі Адраджэння «L’homme arme» («узброены чалавек»), на якую ў XV—XVI стагоддзях было створана больш за 40 мес, а ў ХХ стагоддзі музыка песні зрабілася тэмай многіх сачыненняў сучасных аўтараў. І самае вядомае — менавіта версія Джэнкінса. Паўтаруся: «Меса міру» надзвычайны твор. Па маштабе, экстатычнасці, калі на тваіх вачах разгортваецца, паўстае магутнымі валамі літаральна акіян музыкі.
Так што падзякуем і кіраўніку і калектыву, бо магчымасць «ужывую» пачуць творы, якімі захапляецца свет, — дарагога каштуе. У прамым сэнсе. Заходняя практыка (калі ноты не даюцца так, не ксеракапіруюцца цішком, а купляюцца за вялікія грошы) сведчыць пра вялікую павагу да кампазітара і плёну яго дзейнасці. Пошук нот — звычайна клопат дырыжора. Прычым Хумала досыць часта прывозіць патрэбныя для «Саноруса» сшыткі, ахвяруючы ўласнымі сродкамі. Калі ноты вывезці без дазволу, нелегальна, табе могуць больш не даць візы і ўезд у краіну будзе закрыты назаўсёды.
«Санорус» вельмі годна адзначыў свой юбілей. Шмат у чым пераўзышоў ранейшыя магчымасці. Пераканаў, што па-ранейшаму захоплены творчасцю і мае агромністы патэнцыял для ўвасаблення самых сучасных опусаў.